Слонім: грубыя парушэнні пры фармаванні ўчастковых выбарчых камісій

У панядзелак, 7 кастрычніка, у Слоніме адбыўся суд, на якім разглядалася скарга прадстаўнікоў Слонімскай арганізацыі БНФ “Адраджэнне” на рашэнне Слонімскага райвыканкама, аб неўключэнні прадстаўнікоў арганізацыі ў склад участковых выбарчых камісій.

Было вырашана абскардзіць не ўключэнне ва ўчастковыя камісіі толькі трох прадстаўнікоў ГА БНФ “Адраджэнне” – Алеся Масюка, Уладзіміра Бруцкага і Уладзіміра Літвіна.

Справу разглядаў старшыня суда Слонімскага раёну Аляксандр Ярмолік. У сваёй скарзе кіраўнік Слонімскай арганізацыі БНФ “Адраджэнне” Павел Севасцьян прасіў суд Слонімскага раёна прызнаць рашэнне Слонімскага раённага выканаўчага камітэта па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій незаконным.

Падчас судовага разбіральніцтва, Павел Севасцьян папрасіў суд даць яму магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі справы і дакументамі па вылучэнні кожнага прадстаўніка ў склад участковых выбарчых камісій: Незалежнага выбарчага ўчастку №10, Косаўскага выбарчага ўчастку №12 і Прырэчнага ўчастку № 26 па горадзе Слоніму. Аднак, як аказалася, прадстаўнікі Слонімскага райвыканкама Валерый Бадзей і Алеся Здановіч не прывезлі на суд дадзеных папер. У сувязі з гэтым суддзя аб’явіў перапынак, каб даць магчымасць прывесці неабходныя дакументы.

Падчас азнаямлення з матэрыяламі справы, і ў прыватнасці з заявамі грамадзян па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў ў склад выбарчых камісій, высветліўся цікавы факт. Большасць прадстаўнікоў, якія былі вылучаны ў дадзеныя тры выбарчыя камісіі шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, былі вылучаны з парушэннем закону і не могуць быць членамі камісій. За іх вылучэнне падпісалася шмат чалавек, якія пражываюць не на тэрыторыі выбарчага ўчастка, як гэтага патрабуе Выбарчы кодэкс.

У сувязі з гэтым, Павел Севасцьян папрасіў суд прызнаць незаконным уключэнне ў выбарчыя камісіі тых, каго вылучылі з парушэннем закону. Таксама прасіў прызнаць незаконным не ўключэнне ў склад камісіяў прадстаўнікоў ГА БНФ “Адраджэнне”.

Судзебнае пасяджэнне зацягнулася аж да позняга вечару. На завяршэнне суддзя Аляксандр Ярмолік звярнуўся да прадстаўніка пракуратуры, каб тая выказала сваё меркаванне па справе. Аднак прадстаўніца пракуратуры нечакана папрасіла суддзю перанесці разгляд справы на аўторак, 8 кастрычніка, на 10.00. Суддзя задаволіў просьбу.

8 кастрычніка суд Слонімскага раёна прыняў рашэнне прызнаць незаконным і адмяніць уключэнне ў склад участковых камісій трох чалавек з Незалежнага выбарчага ўчастка №10, трох чалавек — з Косаўскага выбарчага ўчастка №12 і чатырох чалавек — з Прырэчнага ўчастка №26 Слоніма.

У гэты ж дзень Слонімскім райвыканкам сваім рашэннем №921 выканаў рашэнне суда — выключыў са складу камісій 10 чалавек, якія трапілі туды з парушэннем заканадаўства.

 

 

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика