
Слонімскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адмовіў грамадскаму актывісту Алесю Масюку ў прыёме на працу на пасаду загадчыка аддзела па асноўнай дзейнасці з прычыны нібыта неадпаведнасці яго кваліфікацыі. Масюк падаў скаргуў суд, а там яму адмовілі ва ўладкаванні на працу ўжо па іншай прычыне.
Рашэнне раённага суда Масюк мае намер абскардзіць.
Алесь Масюк мае амаль 10 гадоў педагагічнага стажу. 3 2009-га па 2018 год працаваў педагогам дадатковай адукацыі ў Слонімскім раённым цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму, а затым у экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі. У Слоніме ён яшчэ вядомы як грамадскі актывіст апазіцыйнага руху, што даволі часта стварае яму перашкоды ў кантактах з дзяржаўнымі чыноўнікамі.
У іскавай заяве ў суд Масюк напісаў, што прыйшоў уладкоўвацца ў Слонімскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па накіраванні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слонімскага райвыканкама.
«Перш чым выдаць мне накіраванне на незанятую пасаду ў цэнтры дадатковай адукацыі, спецыяліст упраўлення тэлефанавала туды і ўдакладняла, ці падыходжу я на гэтае месца, — згадвае Масюк. — Праблем не было, бо і стаж працы падыходзіў, і пасады, на якіх я працаваў раней, таксама адпавядалі таму, што патрабавалася, каб заняць гэтае месца».
Аднак, калі справа дайшла да размовы з дырэктарам цэнтра дадатковай адукацыі Святланай Царук і падпісання кантракта, Масюку ў працаўладкаванні было адмоўлена. Прычына адмовы гучала так: не адпавядае патрэбнай кваліфікацыі.
Масюк палічыў гэты адказ неабгрунтаваным і незаконным. Як аргумент таму ў сваім іску ён напісаў, што ва Упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слонімскага райвыканкама на дадзеную пасаду (загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці) было ўказана адзінае патрабаванне — мець вопыт працы ў сферы адукацыі. Ён жа мае амаль 10 гадоў працы ў сферы адукацыі, а таму прыходзіць да высновы, што адмова ў працаўладкаванні абмяжоўвае яго ў працоўных правах.
«Я практычна застаўся без сродкаў для існавання, а ў мяне сям’я, двое непаўнагадовых дзяцей, — канстатуе Масюк. — Таму я і прасіў суд прызнаць незаконнай адмову заключыць са мной працоўную дамову».
У адказ
У сваю чаргу дырэктар цэнтра дадатковай адукацыі Святлана Царук даслала ў суд пярэчанне на іск Масюка з патрабаваннем прызнаць незаконнай адмову яго працаўладкаваць. У ім яна патлумачыла, што ў кастрычніку 2016 года з Масюком быў скасаваны працоўны кантракт па ініцыятыве наймальніка за прагулы без уважлівых прычын, а ў іскавай заяве, маўляў, ён патрабуе прыёму на працу ды яшчэ на вышэйшую пасаду.
Такі факт сапраўды быў, і варта нагадаць тыя падзеі 2016 года.
У 2016 годзе Масюка ў складзе дэлегацыі беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў запрасілі ў Нарвегію. Ён напісаў заяву на пяцідзённы адпачынак за свой кошт, але начальства яго не адпусціла. Актывіст паехаў без дазволу, а калі вярнуўся, то яго звольнілі за прагулы.
Тады за Масюка спрабавалі заступіцца вучні, у якіх ён вёў гурток, да дырэктара прыходзілі бацькі, але гэта ніякім чынам не паўплывала на рашэнне начальства. Масюк праз раённы Цэнтр занятасці пачаў шукаць іншую працу, аднак гэта пытанне неабходна было ўзгадніць з вышэйстаячым кіраўніцтвам — аддзелам адукацыі Слонімскага райвыканкама. Пасля «ўзгаднення» Алесю 9 разоў адмаўлялі ў працаўладкаванні. I толькі праз суд яму тады ўдалося заключыць працоўную дамову на працу ў сістэме адукацыі.
Суд знайшоў новыя аргументы
Выслухаўшы аргументы бакоў, Слонімскі раённы суд адмовіў Масюку ў задавальненні іску. Паводле рашэння суда, падчас разгляду справы было выяўлена парушэнне, дапушчанае цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў частцы прадастаўлення звестак аб наяўнасці вакансій.
Дубровский Вадим Игоревич (фото: http://www.slonves.by/)
У раздзеле «Дадатковыя патрабаванні да кандыдатаў», згодна з рашэннем суда, не ўказана неабходнасць для суіскальніка адпавядаць патрабаванням дэкрэта прэзідэнта РБ ад 15 снежня 2014 года №5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый». Напрыклад, няма інфармацыі пра тое, што на кіруючую пасаду не можа прэтэндаваць работнік, які раней быў звольнены ў сувязі з дыскрэдытуючымі абставінамі.
Масюк спрабаваў пярэчыць, што пасада не з’яўляецца кіруючай і нават не ўваходзіць у адзіны даведнік, але суд не прыняў гэта да ведама.
Суд палічыў, што патрабаванні дэкрэта прэзідэнта №5 да суіскальніка на дадзеную пасаду з’яўляюцца дадатковымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі, хаця яны не ўказаны ў адзіным даведніку прафесій. Паводле меркавання суда, дэкрэт прэзідэнта мае вышэйшую юрыдычную сілу, чым дадзены даведнік, і ён уносіць дадатковыя кваліфікацыйныя патрабаванні да суіскальніка.
Такім чынам, у іску Масюку было адмоўлена не на падставе таго, што ён не адпавядае кваліфікацыі, а таму, што быў некалі звольнены ў сувязі з дыскрэдытуючымі яго абставінамі.
Масюк з гэтым не згодны і заявіў «Народнай Волі», што збіраецца абскарджваць гэтае рашэнне ў абласным судзе.
Аўтар: газета «Народная Воля».