
10 снежня 1930 года ў вёсцы Вецявічы нарадзіўся беларускі паэт, літаратуразнавец, доктар філалагічных навук Мікола Арочка.
Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Азярніцкай сярэдняй школе. Пасля закончыў філалагічны факультэт БДУ імя У.І. Леніна. Працаваў у часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі» (1956-1960 гг.), а з 1962 г. — у газеце «Літаратура і мастацтва». З 1966 г. быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Так склаўся лёс, што другую палову свайго жыцця Мікола Арочка вымушаны пражываць з сям’ёй у роднай вёсцы Вецявічы.
У друку з вершамі М. Арочка пачаў выступаць з 1949 г. (баранавіцкая абласная газета «Чырвоная звязда»). Першы зборнік «Не ўсе лугі пакошаны…» выйшаў у свет у 1958 г., затым кнігі паэзіі «Ветраломная паласа» (1962), «Крылатае семя» (1967), «Кветкі бяссмертніка» (1972) і інш. Ужо ў ранніх вершах Арочкі абазначаліся матывы, вобразы, якія сталі па сутнасці, галоўнымі ў яго паэзіі, — гэта бацькаўшчына, зямля, зерне, жыта, жыццё, родная мова… Паэтызацыя бацькоўскай зямлі і свету родных людзей пачалася з першых творчых крокаў і доўжыцца паўстагоддзя. Мянялася жыццё, а разам з ім мяняўся ракурс яго спасціжэння, паглыбляліся каардынаты вымярэння. Арочка з’яўляецца аўтарам больш за 14 кніг паэзіі, з іх сталасцю светавыяўлення вызначаюцца «Матчына жыта» (1978), «Курганне. Крэва» (1982), «Падземныя замкі» (1986) і інш. Мастацкае слова Мікалая Арочкі прасякнута турботай пра высокую еднасць духоўнасці і хлеба надзённага — гэта клопат пра гістарычную жыццяздольнасць свайго народа і яго невычэрпныя патэнцыяльныя магчымасці. Лепшыя вершы аўтара з’яўляюцца аўтабіяграфічнымі («Далучэнне да зямлі», «Дарогай світання», «Пах саломы»). Балючая памяць вайны нарадзіла вялікую колькасць твораў пра перажытае (вершы «Перакалочаныя ночы», «А салдаты ішлі», «Партызанскі пароль», «Начная балада салдаткі» і інш.). М. Арочка належыць да пакалення, дзяцінства якога апалена вайной. Але памяць пра ўласна зведанае ажыве на старонках кніг не адразу, а ў 60-я, калі дастатковы жыццёвы і творчы вопыт надаў эмоцыям асэнсаваны характар. Павышаная ўвага да лёсу народа, яго вялікіх выпрабаванняў і драм усё больш схіляла аўтара да пазнання мінулага.
Творы М. Арочкі перакладзены на славянскія і іншыя мовы. Яго творчыя інтарэсы, як літаратуразнаўца і крытыка звязаны з даследаваннем паэтычных жанраў, іх гістарычным рухам. Значнае месца ў творчасці Міколы Арочкі займае перакладчыцкая дзейнасць. Ён і сёння плённа працуе, разважае, піша аб радзіме, з’яўляючыся сапраўдным патрыётам сваёй зямлі.
Мікола Арочка памёр 2 сакавіка 2013г., пахаваны ў роднай вёсцы Вецявічы.