
У Слоніме адбылася прэзентацыя кнігі-хронікі мясцовага грамадска-палітычнага дзеяча Івана Бедкі «Дэмакратычны рух на Слонімшчыне: 1989-2019гг», якая нядаўна пабачыла свет у Мінску.
Прэзентацыю распачаў аўтар кнігі Іван Бедка, які распавёў пра тое як рыхтавалася кніга да выдання. Пасля пачалося абмеркаванне выдання.
У абмеркаванні прынялі ўдзел Міхась Варанец, Віталь Ешану, Алесь Масюк, Міхаіл Караткевіч, Уладзімір Караткоў і інш.
Было адзначана, што гэта першае выданне ў якім Іван Бедка дакументальна занатаваў значную частку дзейнасці дэмакратычных сілаў слонімшчыны, накіраваную на пазітыўныя перамены.
Міхась Варанец падзякаваў Івана Бедку за выданне, адзначыўшы, што «гэта першае выданне пра нашу дзейнасць у Слоніме. «За тое, што ўдалося аўтару на працягу 30 гадоў занатаваць для гісторыі, мы ўсе павінны шчыра падзякаваць яму за працу і працягваць надалей тое, што ён зрабіў», – сказаў Міхась Варанец.
Віталь Ешану, адзначыў, што ў храналогіі мала сказана пра дзейнасць Свабоднага прафсаюза на Слонімшчыне. «Таму я прапаную, наступнае выданне пра дэмакратычны рух на Слонімшчыне напісаць усім разам і выдаць асобнаю кніжкай. І ў новай кнізе ўказаць усе прозвішчы тых, хто за ўсе годы нас арыштоўваў, штрафаваў, фальсіфікаваў выбары і г.д. А за гэту кнігу, над якою працаваў Іван Бедка, мы ўсе вельмі ўдзячны», – сказаў Віталь Ешану.
Падчас прэзентацыі Іван Бедка пакінуў на выданні свае аўтографы і падзякаваў усім за выступленні і прапановы.