
Ад 2018 году пачалося аднаўленне сінагогі ў Слоніме. Гэта найстарэйшы будынак у горадзе і адна з самых старажытных сінагог Беларусі. Брытанскі інжынер Сайман Каплінскі расказаў Радыё Свабодзе, якія працы ідуць цяпер у Слоніме і калі можна чакаць завяршэння рэстаўрацыі.
Свабода публікавала летась інтэрв’ю з Сайманам Каплінскім (Simon Kaplinsky). Гэты брытанскі інжынер — адзін з галоўных удзельнікаў праекту аднаўлення сінагогі ў Слоніме. Ягоны бацька з’ехаў са Слоніма ў 1929 годзе. Пасля Другой усясветнай вайны і Халакосту ў іх не засталося кантактаў у Беларусі. Толькі ў 2006 годзе, калі пляменніца Саймана прыехала ў Слонім як удзельніца тэлеперадачы Бі-Бі-Сі «Ці ведаеце вы, хто вы?», Каплінскія наноў адкрылі для сябе радзіму сваіх продкаў.
«Мы сталі думаць, што мы можам зрабіць для Слоніма. І вырашылі: чаму б нам не ўзяцца за рэканструкцыю сінагогі?» — апавядаў Сайман у леташнім інтэрв’ю.
У пачатку 2018 году слонімская сінагога трапіла ў лік чатырох найбольш важных сінагог Еўропы, якія важна аднавіць. І ўжо ў той жа год у сінагозе пачаліся рамонтныя працы. Аднаўленнем займаецца Фонд габрэйскай спадчыны (The Foundation for Jewish Heritage), а менавіта — кіроўны камітэт гэтага фонду, які ўзначальвае Сайман Каплінскі.
Памянялі дах і даследуюць расколіны ў сценах
У канцы 2018 году Фонд габрэйскай спадчыны аплаціў рамонт даху, каб узімку ў сінагогу не намятала снегу.
Сёлета ў чатыры найбольшыя расколіны ў мурах бажніцы ўсталявалі сэнсары, якія замяраюць, ці не рухаецца будынак. Замеры праходзяць цягам году, бо пры розным надвор’і памер расколінаў можа змяняцца. У траўні 2020 году адмыслоўцы здымуць сэнсары і ўжо залежна ад стану расколінаў вызначаць, якія аднаўленчыя працы трэба праводзіць.
Пасля некалькіх сустрэчаў з слонімскімі ўладамі Сайман Каплінскі і прадстаўнікі Фонду габрэйскай спадчыны падрыхтавалі прапанову наконт далейшага аднаўлення і будучага выкарыстання сінагогі.
На першым этапе прапануюць адрамантаваць сінагогу звонку і аднавіць аднапавярховыя будынкі, якія прымыкаюць да галоўнага збудавання, паведаміў Сайман. У гэтых памяшканнях плануюць адкрыць музей і цэнтар наведнікаў. На гэтыя працы можа пайсці да пяці гадоў пасля таго, як фонд і слонімскія ўлады канчаткова зацвердзяць прапанову.
Пасля апошняй сустрэчы ў Слоніме ўвосень 2019 году Фонд габрэйскай спадчыны падрыхтаваў пісьмовую прапанову наконт далейшай супрацы са слонімскімі ўладамі і аднаўлення сінагогі. Цяпер у фондзе чакаюць на адказ з Беларусі, пасля чаго мусяць пачацца наступныя этапы аднаўлення гістарычнага будынку.
«Музей (у адноўленых будынках сінагогі) можа стаць турыстычным кірункам», — сказаў Сайман.
Мастацтвазнаўца: Гэта адна з найцікавейшых сінагогаў Беларусі
Гэта не першая кампанія рамонту і рэстаўрацыі сінагогі ў Слоніме. За апошнія 30 гадоў было некалькі спробаў аднавіць сінагогу. У 1999 годзе дзякуючы Фонду ўсясветных помнікаў на сінагозе замянілі дах. Аднак праз тое, што ў будынку няма гаспадара, ён паступова прыходзіць у заняпад. За савецкім часам, калі сінагога была складам мэблевай крамы, а ў прыбудовах месціўся малочны бар, яна была ў лепшым стане, чым цяпер.
За апошнія 30 гадоў разбурылася большасць прыбудоваў, якія цяпер збіраюцца аднаўляць сама перш. Унутры шмат дзе паадвальваўся тынк, пашкоджаная ўнікальная ляпніна.
У далёкіх планах Фонду габрэйскай спадчыны — аднавіць сінагогу цалкам. Падчас апошняга візіту Сайман пазнаёміўся з мастакамі, якія ў 1990-я гады паспелі перамаляваць фрэскі ў сінагозе.
«Цяпер тыя фрэскі пабляклі, — сказаў Сайман. — Таксама выглядае, што ў мясцовых жыхароў шмат матэрыялаў, якія прыдадуцца пры рэстаўрацыі».
Слонімская сінагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яна пабудаваная ў стылі барока. Як казала Свабодзе архітэктарка Галіна Левіна, паводле слонімскай сінагогі можна вывучаць гісторыю рэлігійнага жыцця, мастацтва і архітэктуры ў Беларусі.
«Для нас яна заўсёды сярод найцікавейшых сінагогаў, — сказала Левіна. — Гэта і яскравы прыклад жыцця Слоніма і Беларусі цягам многіх стагоддзяў».
Левіна зазначае, што сінагога каштоўная жывапісам, які тут захаваўся. Напачатку 1990-х у Слоніме працавалі рэстаўратары творчай майстэрні «Басталія». Яны зрабілі графічную фіксацыю жывапісу.
«Слонімская сінагога адзіная, дзе захаваўся такі стары жывапіс», — казаў Свабодзе рэстаўратар Мікола Залатуха.
У праекце па аднаўленні слонімскай сінагогі таксама ўдзельнічае кітайска-брытанскі архітэктар Цзыўай Со (Tszwai So). Ён вялікі аматар беларускай традыцыйнай архітэктуры і вядомы тым, што збудаваў у Лондане грэка-каталіцкую царкву — першы драўляны храм у сталіцы Вялікай Брытаніі ад 17 стагоддзя. Гэты будынак 2016 году перамог у многіх міжнародных архітэктурных конкурсах.
Як распавёў Свабодзе Цзыўай, сінагога ў Слоніме вельмі важная як архітэктурны помнік свайго часу. У 18 стагоддзі яна займела барочныя рысы, якія пад уплывам контррэфармацыі панавалі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён параўноўвае сінагогу ў Слоніме з вялікай сінагогай у Вільні, якая была збудаваная і перабудаваная ў тыя ж перыяды.
«У той час як сінагога ў Вільні ўжо не існуе, Слонімская вялікая сінагога дагэтуль стаіць, хоць і ў такім жахлівым стане», — сказаў Цзыўай.
Ён таксама дадаў, што Цэнтар габрэйскага мастацтва пры Габрэйскім універсітэце ў Іерусаліме ўключыў слонімскую сінагогу ў лік сямі найбольш важных гістарычных сінагог Еўропы, якім пагражае небяспека.
Больш за ўсё ахвяраванняў чакаюць ад выхадцаў са Слоніма
Летась Свабода публікавала інфармацыю пра тое, што на ўсю рэстаўрацыю могуць пайсці «мільёны даляраў». Але цяпер, кажа Сайман Каплінскі, яшчэ немагчыма вызначыць дакладную суму.
«Бо мы дагэтуль абмяркоўваем, што ў ёй будзе. Ці гэта мае быць толькі рамонт і рэстаўрацыя, альбо ў сінагозе мае паўстаць музей?» — кажа Каплінскі.
Якім чынам увогуле праводзіцца фінансаванне? Фонд габрэйскай культуры нядаўна выкупіў сінагогу ва Ўэльсе, якая не выкарыстоўвалася. І цяпер у гістарычным будынку ствараецца Габрэйскі музей Уэльсу. Грошы для гэтага залучалі з многіх крыніцаў, але пераважна ад габрэяў, якія маюць гістарычныя сувязі з гэтай мясцовасцю.
«Такім самым чынам мы плануем фінансаваць рамонт сінагогі ў Слоніме, — кажа Сайман. — Ува ўсім свеце шмат габрэяў, якія маюць сямейныя повязі са Слонімам. Менавіта яны фундавалі папярэднія рамонты».
Таксама можна будзе звярнуцца да еўрапейскіх донараў, калі дамова з слонімскімі ўладамі будзе пацверджаная, лічыць Сайман.
«Як толькі ўсе бакі будуць задаволеныя прапановай і будзе дамоўленасць аб тым, як нам рухацца далей, мы зможам падрыхтаваць адпаведны бюджэт. Гэта будзе нашым наступным крокам», — сказаў Сайман.
Ён некалькі разоў падкрэсліў, што ў кожны ягоны прыезд у Беларусь яго цёпла прымаюць. Апошні раз ён сустрэўся, акрамя службоўцаў слонімскага райвыканкаму, з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў і музею Вялікай айчыннай вайны.
«Мы ведаем, што сінагога будзе належаць мясцовым людзям, і таму праект мусіць адпавядаць гістарычным і эканамічным патрэбам грамадзянаў Беларусі», — сказаў Сайман.
Аўтар: Антон Трафімовіч, “Радыё Свабода”