Следчы камітэт адказаў Слонімцам

На днях прадстаўнікі Слонімскай кааліцыі дэмакратычных сіл атрымалі адказ са Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Справа ў тым, што 22 снежня 2019 года Слонімцы напісалі калектыўны зварот у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь і ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь. У калектыўным звароце паведамлялася: “Мы, грамадзяне Беларусі, жыхары г.Слоніма, прадстаўнікі Слонімскай кааліцыі дэмакратычных сіл патрабуем аднавіць расследаванне спраў аб знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў сувязі са з’яўленнем новых фактаў.  

16 снежня 2019 года нямецкая хваля Deutsche Welle апублікавала фільм-расследаванне і тэкст аб знікненні лідараў беларускай апазіцыі ў канцы 90-х гадоў.

Былы баец СОБРа Юрый Гараўскі заявіў, што ў 1999 годзе ўдзельнічаў у выкраданнях і забойствах Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага. Паводле Юрыя Гараўскага, ён разам з некалькімі саслужыўцамі пад камандаваннем Дзмітрыя Паўлічэнкі удзельнічаў у выкраданні і забойстве апазіцыянераў.

Юрый Гараўскі падрабязна распавёў, як адбываліся выкраданні і забойствы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Назваў прозвішчы саўдзельнікаў і ўсе акалічнасці тых жахлівых падзей.

У сувязі са з’яўленнем дадзеных фактаў, просім тэрмінова прыняць усе неабходныя меры па расследаванню злачынстваў звязаных са знікненнем Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага”.

15 студзеня 2020 года слонімцы атрымалі адказ за подпісам начальніка аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Ю.В.Вараўкі. У адказе паведамляецца, што “ваш зварот ад 22.12.2019 аб прыняцці ўсіх неабходных мер па расследаванні крымінальных спраў па фактах забойстваў Захаранкі Ю.М., Ганчара В.І. і Красоўскага А.С., разгледжаны па сутнасці і прыняты да ведама.

У той жа час звяртаю вашу ўвагу, што вы не з’яўляецеся ўдзельнікамі крымінальнага працэсу па дадзеных крымінальных справах і працэсуальныя дзеянні і рашэнні па іх не закранаюць вашых праў і законныя інтарэсы. Такім чынам, у адпаведнасці з патрабаваннямі нормаў раздзела V Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ вы не валодаеце правамі звяртацца са скаргамі і хадайніцтвамі па ўказаных крымінальных справах”.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика