У Слоніме напісалі беларускую дыктоўку

У сераду, 19 лютага, слонімскія грамадскія актывісты пісалі беларускую дыктоўку, прысвечаную Міжнароднаму дню роднай мовы.

Дыктоўку чытаў мастак-іканапісец з вёсцы Жыровічы Уладзімір Кавальчук. Па яго словах сёлета ў траўні праваслаўная Беларусь адзначыць 550-годдзе Жыровіцкай Іконы Божай Маці і 500-годдзе Жыровіцкага манастыра. Таму да гэтай даты і Дня роднай мовы было разам вырашана напісаць дыктоўку па вершах Ларысы Геніюш. Для дыктоўкі быў абраны верш паэткі «Жыровічы».

Пасля дыктоўкі Уладзімір Кавальчук распавёў пра тое, як Жыровічы рыхтуюцца да юбілею і ці будзе гучаць родная мова падчас юбілейных урачыстасцяў. Сябры згуртавання абмеркавалі і шэраг іншых пытанняў, звязаных са станам роднай мовы і ўшанаваннем знакамітых землякоў.

Жыровічы
Прыехаць у Жырова лёс мне выпаў,
дождж хрысціць голаў грэшную маю.
I я пад голлем шматвяковай ліпы
пільгрымам сціплым сцішана стаю.

Святыні побач белыя, як дзіва,
ў абдымках хмараў і высокіх дрэў.
Ідзе святар, як галубочак сівы,
стаміўшыся, на лаўку хтось прысеў.

Сюды травой, аброшанай і мяккай,
на цудатворны пераможны кліч
прыходзяць людзі з горам і падзякай.
Людскія душы ачышчае зніч.

Перада мной зямля мая святая,
тут у паклоне дрэвы над вадой,
дзе галубы бясшумна пралятаюць,
ступала Маці Божая па ёй.

Не знатныя, а пастушкі віталі.
Да нас прыйшла ў вясняны дзень знарок
і краю міламу, каб лепшымі мы сталі,
пакінула на дрэве абразок.

Над намі храм, туманныя нябёсы.
Крынічанька пад храмам б’е з зямлі.
Як пастушок у світцы белай, босы,
стаю, і слёзы твар мой залілі.

Адданасцю стукочуць нашы сэрцы
з крыніц благаславенных праўду піць.
Мінуласці святой з зямлі не сцерці
і веры ў Бога ў сэрцы не спыніць.

Жыровічы, славутая мясціна,
здаўна праложаны для нас дзядамі шлях.
Малітвы боль ў нялёгкаю хвіліну
мы на тваіх складаем алтарах.

Хай будзе мір, і згода будзе ўсюды.
Ды калі грозьбай азарыцца сінь, —
нашай зямлі, дастойнай Тваіх цудаў,
ў сваёй апецы, Божа, не пакінь!

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика