
25 сакавіка, у 102-ю гадавіну ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, слонімскія дэмакратычныя актывісты ўсклалі кветкі да помніка Льву Сапегу, да Міхала Валовіча і паўстанцаў у Парэччы і да Івана Шэгі на гарадскіх могілках каля Чапялёва.
Беларуская Народная Рэспубліка была ўтвораная 9 сакавіка 1918 года Другой устаўной граматай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 года было абвешчана, што беларускі народ хоча быць незалежным, паўнавартасным гаспадаром на сваёй зямлі. Без БНР не было б БССР і сёння не існавала б незалежная дзяржава Рэспубліка Беларусь.
Гэты дзень назаўжды застанецца ў нашай гісторыі як дзень, калі беларусы гучна на ўвесь свет заявілі — мы хочам і будзем жыць у сваёй нацыянальнай дзяржаве!