Леў Сапега

4 красавіка 1557 года нарадзіўся дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, слонімскі староста Леў Сапега.

Леў Сапега (1557 – 1633) – канцлер вялікі літоўскі і староста Слонімскі (з 1586 г.), які вельмі шмат карыснага зрабіў для эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця горада. Пры ім Слонім стаў важным палітычным цэнтрам Вялікага княства Літоўскага. Тут у збудаваным ім палацы з 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі ўсяго княства Літоўскага, на якія з’язджаліся паслы з Віленскага, Наваградскага, Менскага, Трокскага, Полацкага, Смаленскага, Віцебскага, Брэсцкага, Мсціслаўскага, Інфляндскага і Чарнігаўскага ваяводстваў.

Леў Сапега быў адукаванейшы чалавек у Еўропе, з яго ўдзелам пры слонімскім замку была сабрана вялікая бібліятэка і архіў, у горадзе адкрыты першы ткацкі цэх, збудаваны новыя масты, добраўпарадкаваны вуліцы і плошчы, вялося культавае будаўніцтва і многае іншае.

У памяць аб гэтай гістарычнай асобе ў Слоніме была адноўлена ранейшая назва адной з найстарэйшых плошчаў горада – імя Льва Сапегі. А ў 2019 годзе у цэнтры Слоніма быў усталяваны помнік.

Гістарычная даведка:
4 красавіка 1557 у Віцебскім павеце нарадзіўся Леў Сапега, выбітны дзяржаўны дзеяч і дыпламат Вялікага княства Літоўскага.

Нарадзіўся ў магнацкай сям’і, Сапегаў. Род быў праваслаўным, але Льва Сапегу ў 7-гадовым узросце аддалі вучыцца ў Нясвіжскую пратэстанцкую школу, дзе выкладалі вядомыя тагачасныя дзеячы навукі і культуры. У 13-гадовым узросце Сапега паехаў у Лейпцыгскі ўніверсітэт, дзе некалькі гадоў вывучаў гісторыю рымскага і царкоўнага права, знаёміўся з мастацтвам Рэнесансу. Пасля вяртання ў ВКЛ Льва Сапегу прымаюць на службу да двара караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя, які быў уражаны эрудыцыяй і ведамі юнака.

На працягу свайго жыцця Леў Сапега займаў розныя высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім: 4 лютага 1580 году атрымаў пасаду сакратара Яго Каралеўскай Міласці Стэфана Баторыя, а пасля складання перамір’я з Маскоўскай дзяржавай стаў Пісарам Вялікім Літоўскім.

Пасля адмаўлення Крыштапа Радзівіла Перуна ад пасады падканцлера быў прызначаны на гэтую пасаду 2 лютага 1585 году. 20 ліпеня 1586 году атрымаў прывілей на Слонімскае судовае староства па смерці Р. Валовіча. Гэтую пасаду займаў да 1605 году.

У канцы красавіка 1589 году атрымаў ад Жыгімонта Вазы пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага, якую займаў да прызначэння ваяводам віленскім. Прызначэнне на апошнюю пасаду атрымаў у 1623 годзе.

Захаваўшы пасаду віленскага ваяводы, каля 25 ліпеня 1625 году атрымаў прызначэнне на найвышэйшага (або вялікага) гетмана Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя таго, займаў пасаду маршалка Галоўнага Трыбуналу у 1604, 1624 і 1630 гадах.

На апошнім этапе Інфлянцкай вайны (1558—1583) атрымаў вядомасць як вайсковы дзеяч і дыпламат. Сфармаваўшы за свой кошт гусарскі полк, звярнуў на сябе ўвагу паспяховымі дзеяннямі ў бітвах пад Завалаччам, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскову.

Пасля заканчэння вайны ўзначаліў пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву, дзе падпісаў з царом Фёдарам Іванавічам мірнае пагадненне на 10 гадоў. У 1600 зноў ездзіў з пасольствам у Маскву, дзе зноў склаў мірнае пагадненне на 20 гадоў ужо з Барысам Гадуновам.

Нягледзячы на тое, што паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім частымі былі ваенныя і розныя дыпламатычныя сутыкненні і асабістыя адносіны Льва Сапегі да гэтай краіны не заўсёды былі дружалюбнымі, пасля смерці караля Стэфана Баторыя яго апанавала думка пра аб’яднанне Рэчы Паспалітай з Масквой. Аб’яднанне гэтых народаў і абранне імі адзінага манарха, на думку Льва Сапегі, спрыяла б росту іх эканамічнага і вайсковага патэнцыялу, забяспечыла б трывалы мір.

Калі ў 1620-я гады ў межы Вялікага Княства Літоўскага ў чарговы раз уварваліся шведы, браў удзел у ваенных дзеяннях, вылучыўшы на фінансаванне войска значную частку сваіх уласных сродкаў. Быў адным з ініцыятараў падпісання сепаратнага Балдэнмуйскага замірэння з Швецыяй 1627 году і Альтмарцкага міру, складзенага ў 1629 годзе.

Апошнія гады жыцця правёў у Вільні, дзе актыўна займаўся ўпарадкаваннем архіваў Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Памёр і пахаваны ў Вільні ў касцёле святога Міхала.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика