
10 красавіка 1931 года ў Чамярах у сялянскай сям’і нарадзіўся кандыдат філалагічных навук, паэт Іван Чыгрын. Пасля Чамяроўскай сямігодкі вучыўся ў беларускай сярэдняй школе № 1 г.Слоніма, якую скончыў у 1950 годзе. У гэтым годзе паступіў на філфак Белдзяржуніверсітэта. Калі атрымаў дыплом настаўніка, прыехаў на радзіму вучыць дзяцей роднай мове ў Яварскай школе Дзятлаўскага раёна і ў Кракоцкай сярэдняй школе на Слонімшчыне.
У 1958 годзе Іван Чыгрын стаў аспірантам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі і з 1961 года да пенсіі працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі (цяпер Нацыянальная Акадэмія Навук РБ).
У 1968 годзе наш зямляк абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Станаўленне беларускай прозы і фальклор. Дакастрычніцкі перыяд.” Асобнаю кнігаю гэтая праца пабачыла свет у 1971 годзе. У ёй Іван Чыгрын упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве прасачыў працэс станаўлення беларускай прозы ў яе ўзаемаадносінах з мастацкім вопытам фальклору. У цэнтры ўвагі даследчыка былі праблемы ўзаемадзеяння творчых метадаў прафесійнай прозы і прозы народнай, а таксама пытанні кампазіцыі, сюжэта, мовы, стылю.
Аўтар кніжак «Станаўленне беларускай прозы і фальклор: Дакастрычніцкі перыяд» (1971), «Проза «Маладняка»: Дарогамі сцвярджэння» (1985), «Крокі: Проза «Узвышша» (1989). З’яўляецца сааўтарам кніжкі «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), аўтарам асобных раздзелаў «Истории белорусской советской литературы» (1977), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1981).