Мы памятаем: Васіль Супрун

30 красавіка 2007 года закончыў свой зямны шлях даравіты паэт, археолаг, гісторык і мужны патрыёт нашай Бацькаўшчыны Васіль Рыгоравіч Супрун.

Васіль Супрун аўтар кнігаў вершаў, краязнаўчых нарысаў, гісторыі Слоніма. Кіраўнік слонімскай маладзёжнай антысталінскай арганізацыі “Чайка” і Цэнтра беларускага вызваленчага руху (1946-1947гг.). За сваю патрыятычную дзейнасць 6 чэрвеня 1947 года Васіль Супрун быў арыштаваны і асуджаны на 25 год няволі і 5 гадоў пазбаўлення правоў. 16 чэрвеня 1956 года, згодна пастановы Вярхоўнага Савета СССР быў вызвалены з няволі і атрымаў дазвол вярнуцца на Радзіму. Так, праз многія гады няволі, Васіль Супрун вярнуўся са сталінскага гулагу на родную Беларусь. Трываючы шматлікія пераследы з боку ўладных структур, засведчыў сябе знаным археолагам і краязнаўцам Слонімшчыны.

Краязнаўчыя матэрыялы В.Супруна пачалі трапляць у друк пачынаючы з 1960 года. Паэзія ж прарвала табу забаронаў толькі ў 1989 годзе публікацыяй у газеце “Літаратура і мастацтва” падборак канцлагерных вершаў з падпольнай перапіскі з Ларысай Геніюш. Потым былі дзве кніжкі паэзіі “Крык” (1993), “Рэха абуджаных дзён” (1994), кніга гістарычна-краязнаўчых нарысаў “За смугою часу” (1994). У 1995 годзе Васіль Супрун прыняты ў  Саюз беларускіх пісьменнікаў. Пазней выдаў: у 1998 годзе – паэтычныя зборнікі “Жыць для Беларусі” і “Незабыўныя “ксівы”; кнігі па гісторыі “Дзеі над Шчарай” (2000), “100 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны” (2002) і аўтабіяграфічныя “Штрыхі з успамінаў” (2003); зборнік вершаў, прысвечаны жонцы, – “Памяці Клавы” (2005).

Пахаваны на могілках у Слоніме.

Комментарии и пинги закрыты.

Комментирование закрыто.

Яндекс.Метрика